Зімоўскі: Ідзе барацьба не за паўнамоцтвы, а за сьпіхваньне адказнасьці
аўтар Юры Дракахруст
Цяперашні канфлікт паміж урадам і прэзыдэнцкай адміністрацыяй, які скончыўся крытыкай ураду Аляксандрам Лукашэнкам, мы папрасілі пракамэнтаваць былога старшыню Белтэлерадыёкампаніі, цяпер мэдыаякансультанта ў Санкт-Пецярбургу Аляксандра Зімоўскага.
Дракахруст: Аляксандар, як вы ацэньваеце той канфлікт, які адбыўся на пасяджэньні Саўміну паміж прэм'ерам Мясьніковічам і дарадцам прэзыдэнта Ткачовым, а таксама тую водпаведзь, якую даў прэзыдэнт ураду ў сувязі з гэтым канфліктам? Ці азначаюць словы Лукашэнкі, што папярэдні ўрад быў лепшы, што кабінэт Мясьніковіча чакае хуткая адстаўка? Ці гэта наагул спэктакль, гульня ў добрага і злога сьледчага?
Зімоўскі: Не, здаецца, гэта не спэктакль. Міхаіл Уладзімеравіч Мясьніковіч у свой час быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта была адна з наймацнейшых фігураў на гэтай пасадзе. Ён ведае, як працуе мэханізм прыняцьця рашэньняў у адміністрацыі прэзыдэнта. На той нарадзе, пра якую вы казалі, ён некага «зрэзаў», даў зразумець, што ня горш за іншых ведае, які кіраваць дзяржавай, у дадзеным выпадку ўрадам. Хутчэй за ўсё яго словы былі інтэрпрэтаваныя і даложаныя кіраўніку дзяржавы ў прэпараваным выглядзе. Напампавалі там настрой, таму была хуткая рэакцыя кіраўніка дзяржавы.
Дракахруст: Ну а ці можа гэта скончыцца адстаўкай ураду ці прэм'ера? Калі гаворыцца, што папярэдні ўрад быў лепшы, што чальцоў ураду ледзь не ў калгас трэба адправіць.
Ніякай адстаўкі ўраду ня будзе, бо там кароткая лава.
Зімоўскі: Не, гэта толькі ў Туркмэністане міністраў энэргетыкі адпраўляюць электрыкамі працаваць у вёску. У нас да гэтага справа не дайшла. Ніякай адстаўкі ўраду ня будзе, бо там кароткая лава. Цяперашні ўрад не вінаваты ў тым, што зараз адбываецца. Ён, як сьляпы музыка, грае, як умее, нічога кепскага ён яшчэ не зрабіў, вырульвае сытуацыю. І кіраўнік ураду, і чальцы ўраду ў пытаньні ўратаваньня сытуацыі адзіныя, там няма розных меркаваньняў. Іншая справа, што ўрад несвабодны ў сваіх рашэньнях, і калі яму загадаюць кіравацца пастановамі Ўсебеларускага сходу, то нікуды ён не падзенецца.
Read More