Зімоўскі: Ідзе барацьба не за паўнамоцтвы, а за сьпіхваньне адказнасьці
аўтар Юры Дракахруст
Цяперашні канфлікт паміж урадам і прэзыдэнцкай адміністрацыяй, які скончыўся крытыкай ураду Аляксандрам Лукашэнкам, мы папрасілі пракамэнтаваць былога старшыню Белтэлерадыёкампаніі, цяпер мэдыаякансультанта ў Санкт-Пецярбургу Аляксандра Зімоўскага.
Зімоўскі: Не, гэта толькі ў Туркмэністане міністраў энэргетыкі адпраўляюць электрыкамі працаваць у вёску. У нас да гэтага справа не дайшла. Ніякай адстаўкі ўраду ня будзе, бо там кароткая лава. Цяперашні ўрад не вінаваты ў тым, што зараз адбываецца. Ён, як сьляпы музыка, грае, як умее, нічога кепскага ён яшчэ не зрабіў, вырульвае сытуацыю. І кіраўнік ураду, і чальцы ўраду ў пытаньні ўратаваньня сытуацыі адзіныя, там няма розных меркаваньняў. Іншая справа, што ўрад несвабодны ў сваіх рашэньнях, і калі яму загадаюць кіравацца пастановамі Ўсебеларускага сходу, то нікуды ён не падзенецца.
Дракахруст: На ваш погляд, у чым прычына канфлікту: гэта сутыкненьне розных эканамічных ідэалёгій, розных падыходаў, ці сутыкненьне статусаў – Мясьніковіч даў зразумець, што не дазволіць адміністрацыі прэзыдэнта сабой камандаваць?
Зімоўскі: Я мяркую, што эканамічныя погляды Міхаіла Ўладзімеравіча Мясьніковіча і Сяргея Паўлавіча Ткачова ня надта разыходзяцца. Проста ідзе барацьба не за набыцьцё паўнамоцтваў, а за сьпіхваньне адказнасьці. Ніхто ня хоча набраць больш паўнамоцтваў, а потым за іх адказваць. Наадварот, ідзе барацьба за тое, каб перакласьці адказнасьць на ўрад ці на эканамічны блёк адміністрацыі прэзыдэнта. Ён з сыходам Кабякова вельмі аслабеў, там застаўся адзін Ткачоў, як асоба, якая рэальна бачыць сытуацыю, хаця і своеасабліва. І падтрымаць яго няма каму. Калі б яны з Кабяковым разам былі на Саўміне, магчыма, гэтая сытуацыя б і ня ўзьнікла.
Дракахруст: Многія экспэрты лібэральнага кшталту кажуць, што эканамічныя падыходы ўладаў – гэта суцэльнае глупства, што трэба праводзіць рынкавыя рэформы, калі няма іх пляну, дык можна ў МВФ узяць. Але магчыма той жа Ткачоў і сам Лукашэнка, адхіляючы гэтыя падыходы, перасьцерагаюцца сацыяльных і палітычных выдаткаў гэтага лібэральнага парадызу?
Зімоўскі: Вы маеце рацыю. Размова ідзе не пра ўратаваньне любой цаной эканомікі, а пра ўратаваньне палітычнага рэнамэ. Кепска выглядаць перад выбаршчыкамі, якія падтрымалі цябе год таму, нікому ня хочацца. Пра выкананьне перадвыбарчых абяцаньняў мова не ідзе, тут хаця б захаваць тое, што ёсьць. Улічваючы гумовае цярпеньне беларускага народу і яго здольнасьць да эканамічнай адаптацыі, зараз нічога такога страшнага ў эканоміцы не адбываецца.
Страты закранулі толькі сярэднюю клясу. Што тычыцца пралетарыяту і калгаснага сялянства, па іх крызіс ударыў нямоцна з прычыны сувязяў гораду і вёскі, натуральнага абмену прадуктамі і г.д. Тут дылема: ці ўратаваць сярэднюю клясу ці прынесьці яе ў ахвяру сацыяльнаму спакою. Барацьба ідзе вакол гэтага.
Дракахруст: Ці не зьяўляецца гэты канфлікт, гэты скандал паказьнікам нейкага крызісу вярхоў?
Зімоўскі: Пра крызіс вярхоў пакуль гаварыць ня будзем. Можа быць больш дарэчы казаць пра часовы паралюш уладнай волі. Гэта бывае. Здарылася сытуацыя, усе ў ступары сядзяць, ня ведаюць, што рабіць. Але гэта кароткачасова. Зараз разьбяруцца, год у палітыцы – не такі ўжо вялікі час. Але наколькі я разумею, усе дзеяньні будуць мець жорстка адміністрацыйны характар: мабілізацыя губэрнатараў, начныя дзяжурствы ў выканкамах, раньнія пад'ёмы, скасаваньне выходных у чыноўнікаў і г.д.
Дракахруст: Ёсьць ступар, а ёсьць канфлікты ўнутры ўлады. Мы памятаем, а вы, я мяркую, асабліва, як хваравіта прэзыдэнт рэагаваў на ваш публічны канфлікт з намесьніцай кіраўніка яго адміністрацыі Натальляй Пяткевіч. Ён закрануў гэтую тэму нават у сёлетнім штогадовым пасланьні. Падобныя канфлікты вельмі дэзарыентуюць апарат, «вэртыкаль». А зараз другая асоба ў дзяржаве фактычна спрачаецца зь першай. Незалежна ад таго, хто мае рацыю і якія ў каго матывы, але сам факт канфлікту, мяркую, бянтэжыць «вэртыкальшчыка» дзе-небудзь у Крычаве ці Маларыце.
Зімоўскі: Я мог бы з вамі часткова пагадзіцца. Але дзяржапарат арыентуецца не на Мясьніковіча, а на Лукашэнку. Ён ніякіх уцямных сыгналаў ад Мясьніковіча не атрымліваў. Можа і атрымліваў, але 10 гадоў таму.
Дракахруст: І вы ня лічыце, што гэта нейкі сыгнал для людзей, якія прызвычаіліся, што наверсе – маналіт?
Ён спрабаваў вырашыць пастаўленую задачу так, як ён яе бачыў. Можа крыху акадэмічна. Ён чалавек разумны, ведае, як кіраваць эканомікай, і адміністраваць умее. У выніку пасьля гэтай нарады ў Саўміне ён апынуўся ў крытычнай сытуацыі – хто хутчэй дабег да кабінэта прэзыдэнта, той і мае рацыю. Паехаў бы ён да прэзыдэнта пасьля гэтай нарады, магчыма рэакцыя была б іншая.
Дракахруст: Аляксандар, я ўсё ж вяртаюся да досьведу вашага канфлікту зь Пяткевіч. Тады прэзыдэнт зьвяртаў увагу не на тое, што нехта з вас мае рацыю, а нехта – не, а што сам па сабе гэты канфлікт дысфункцыянальны, што гэта кепска для дзяржавы. Тут канфлікт круцейшы.
Зімоўскі: Я ня думаю, што ён надаваў такую вялікую ўвагу, як вам здаецца, майму гіпатэтычнаму канфлікту зь Пяткевіч. Нашы функцыі не перасякаліся. Я прапаноўваў толькі не ўваходзіць у зону маіх паўнамоцтваў, бо я гэтага не любіў і не люблю.
Што тычыцца гэтага канфлікту, то было сказана, што ўрад – гэта эканамічны штаб прэзыдэнта. У апошнія месяцы працы ўраду Сідорскага эканамічныя паўнамоцтвы ўраду плаўна перацяклі ў адміністрацыю цалкам. Адміністрацыі страчваць гэтыя функцыі ня хочацца. Навошта? А Мясьніковічу, атрымліваецца, за іх адказваць. Ён, як вопытны апаратчык, таксама гэтага ня хоча. У той жа час нізы занятыя пошукам харчаваньня, ім зараз не да палітыкі.