X

С таким счастьем — и на «Свабодзе»

У жывым эфіры Свабоды — экс-кіраўнік БТ Аляксандар Зімоўскі, паводле якога «здольнасьць беларускіх СМІ фармаваць грамадзкую думку, адрозную ад расейскай, у Беларусі ў раёне нуля». Цяпер ён працуе мэдыя-кансультантам у Санкт-Пецярбурзе. У перадачы ўдзельнічаюць Ганна Соўсь і Юры Дракахруст.

Соўсь: Аляксандар, нядаўна ў інтэрвію «Белорускаму журналу вы выказалі думку пра тое, што «здольнасьць беларускіх СМІ фармаваць грамадзкую думку, адрозную ад расейскай, у Беларусі ў раёне нуля». У пэўнай ступні з вамі можна пагадзіцца, у нечым можна паспрачацца. Але чаму так атрымалася? Больш за 23 гады ўлады Беларусі трымаюць пад моцным кантролем усе СМІ, незалежныя СМІ ледзь выжываюць пад вялікім прэсінгам. І калі вынік гэтага кантролю — няздольнасьць фармаваць беларускую грамадзкую думку, то як там атрымалася? Вынікі выбараў кантраляваць атрымалася, а вось такі магутны інструмэнт, як СМІ, выглядае, быў скарыстаны неналежным чынам. Чаму?

Зімоўскі: Кантраляваць СМІ і фармаваць грамадзкую думку — гэта розныя рэчы. Сьвежы прыклад — грамадзкую думку аб сытуацыі ў беларускім войску пасьля трагедыі ў Печах сфармавалі «Наша ніва», Свабода і «Хартыя». А кантроль за СМІ як быў, так і застаўся ва ўладаў. У вас зараз на сувязі некалькі чалавек з аднолькавымі смартфонамі. Адзін посьціць коцікаў, другі прыклейвае сабе вушкі ад труса, трэці — гоніць стрым з эпіцэнтру падзеяў. Гэта залежыць не ад моцы інструмэнту, ад ад мазгоў уладальніка. Так гэта працуе.

Дракахруст: Аляксандар, я з вамі нязгодны і паспрабую праілюстраваць гэта фактамі. У 2016 годзе ўвесь год працягвалася спрэчка пра цэны на газ. Быў канфлікт наконт паставак харчаваньня, сёлета быў дадзены загад арыштаваць Данквэрта. Па гэтых і іншых канфліктных пунктах пазыцыя Расеі была нядвухсэнсоўная: мы маем рацыю, беларусы ня маюць рацыю. І гэта так ці інакш трансьлявалася на Беларусь. І што? Ці шмат людзей у Беларусі сказалі: расейскае тэлебачаньне сказала, што Пуцін мае рацыю, а ня наш «бацька», і мы верым расейскаму тэлебачаньню. Так было? Не, так не было. Я памятую дадзеныя апытаньняў НІСЭПД 2010 году, калі НТВ паказвала «Хросных бацькаў», а вы, Алыксандар, стаялі на чале беларускай прапаганды. Паводле дадзеных НІСЭПД, гэтыя стужкі «адʼелі» у Лукашэнкі дзесьці 7 адсоткавых пунктаў. Усяго. Гэта не пра лічбы Ярмошынай, зразумела, а пра рэальную падтрымку. Так, «бацькі» падзейнічалі, але ня зьбілі ў нуль рэйтынг Лукашэнкі.

Таксама цікавыя дадзеныя апытаньняў — стаўленьне беларусаў да ўдзелу беларусаў у вайне ў Данбасе. За іх удзел у баях на баку Ўкраіны і ДНР/ЛНР — усяго па 6-7%. У Расеі гэта ня так, там значна вышэй падтрымка тых, хто едзе ваяваць на баку сэпаратыстаў.

Прычым лінія расейскай тэлепрапаганды вядомая — рускія людзі на Данбасе гінуць ад рук фашыстаў. А калі беларусы праецыруюць гэта на сябе, то не, ня трэба нам там ваяваць, гэта ня наша вайна.

Па ўсіх гэтых опцыях можна спрачацца: ці ў нас такая майстэрская прапаганда (ну, бяз вас пра якое майстэрства можна гаварыць) ці, фігуральна кажучы, нават кепскі выканаўца ўзьдзейнічае на ўдзячную аўдыторыю. А ўдзячнасьць, спрыяльная глеба тлумачыцца тым, што як бы беларусы ні любілі Расею, але жывуць яны ў Беларусі. Гэта наш бок, гэта нашая каманда. І калі нашая каманда пачынае гуляць з нават вельмі любімай Расеяй, чыё тэлебачаньне мы глядзім з раніцы да вечара, то беларусы «заўзеюць за сваю каманду».

Зімоўскі: Юры, як вы думаеце, расейская прапаганда скіраваная на Беларусь ці проста вы атрымліваеце яе фонам, чуючы звон за плотам і думаеце, ці верыць яму?

Дракахруст: Як калі, гледзячы ў чым. Часам робяцца і прамыя ўколы, хаця яны і ня так сфакусаваныя, як адносна Ўкраіны. Але ў 2010 годзе, у часы «хросных бацькаў», яны былі сфакусаваныя. Што да фону — то ён менавіта як фон не перабівае мясцовыя крыніцы інфармацыі.

Зімоўскі: Я нават ня стану з вамі спрачацца, таму што расейская прапаганда не займаецца антыбеларускай тэматыкай. Няма патрэбы. Канфлікт пагашаны — Беларусь заплаціла. Канфлікт вакол «левых» паставак падсанкцыйных прадуктаў — прэзыдэнт сам выказаўся, што трэба гэта спыняць.

Дракахруст: Канфлікт наконт паставак харчаваньня працягваецца, «Рассельгаснагляд» дагэтуль то блякуе імпарт з пэўных прадпрыемстваў, то ізноў дазваляе. Я не магу сказаць, што расейская прапаганда з гэтай нагоды рвала на сабе кашулю, але пасылалі сыгналы, што вы няправільна робіце, што маем рацыю мы, а ня вы, беларусы, а не Лукашэнка.

Зімоўскі: Яны і зараз так лічаць, што Расея ў канфлікце па газу мае рацыю. Але гэта не накідаецца беларускай аўдыторыі. Расейскія прапагандысты разважаюць так: вы там у сябе вырашайце, як хочаце, мы арыентаваныя на сваю аўдыторыю. І глупа было б чакаць, што расейскія СМІ пачнуць выкладаць пункт гледжаньня РБ на газавыя і іншыя канфлікты.

Дракахруст: Наша з вамі спрэчка палягае ў тым, што калі яны выкладаюць свой пункт гледжаньня, які трансьлюецца як на Расею, гэтак і на Беларусь, то не на 100% гэта аказваецца для беларусаў пераканаўча. Вось мая тэза.

Соўсь: Давайце цяпер пагаворым не пра расейскую, а пра беларускую прапаганду. Я хацела б вам зачытаць фрагмэнт допісу майго калегі Дзьмітрыя Гурневіча з нагоды вашай ацэнкі ролі беларускіх СМІ у часы вашага кіраваньня: «Гэта было нешта кшталту хардкор-вэрсіі расейскіх СМІ. Тая ж расейская прапаганда, толькі больш расейская, і больш прапаганда. Падлізываньне Маскве, нейкія славянскія саборы, Ніны Чайкі на Беларускім радыё, якія крыжам клаліся за „сьвятую Русь“. Адкуль яны толькі бралі тых цемрашалаў, якія выкрывалі фашыстаў у апазыцыі, скакалі на курапацкіх касьцях?

Альбо перадачка пра сучасную беларускую музыку а 23.30 на радыё, каб ніхто не пачуў. Гэта будаваньне адрознасьці? Цяпер ужо і ўвагі не зьвяртаеш на Вольскага ці яшчэ якую беларускую музыку на ФМ-хвалях. Шмат казаць пра малпаваньне формы, перадачаў, нават мімікі, якую беларускія вядоўцы пазычалі ад расейскіх зорак, ня варта. Гэта былі СМІ, якія хацелі быць „как в Москве“. Сёньняшнія беларускія афіцыйныя СМІ, пры ўсіх дэталях, якія мы ўсе ведаем, гэта „зямля і неба“. Ага, я так лічу. Няма ўжо той прымітыўшчыны, як у часы Зімоўскага. Ёсьць моцнае разуменьне асобнасьці ад Расеі, пры ўсіх дурнаватых выключэньнях». Як бы вы Дзьмітрыю адказалі?

Зімоўскі: Калега даволі вялізна выказаўся. Таму адказ будзе разгорнуты. Вы не супраць? Дык вось. Ніна Цімафееўна Чайка сышла з Белдзяржтэлерадыёкампанii гадоў за 5 да таго, як я яе ўзначаліў. Паколькі Дзьмітры тут недарэчна яе прыгадаў, я скажу некалькі словаў у яе абарону.

Чайка была прынцыповым журналістам і магла абараніць сваю пазыцыю перад любым радыёначальнікам і нават перад самім Лукашэнкам. Я гэта бачыў.

І Чайка, як галоўны рэдактар беларускага часопісу «Нёман», зрабіла больш для часопісу, чым усе астатнія галоўныя рэдактары пастьля Кудраўца. Таму ня трэба так прыніжальна пра яе гаварыць.

І хіба ня мы ўвялі норму 75% беларускай музыкі ў эфіры? Гэта я для асьвяжэньня памяці.

Што тычыцца расейскага тэлебачаньня, то хіба не такія, як калега Гурневіч, бегалі натоўпам за карэспандэнтамі расейскіх тэлеканалаў і заглядалі ім у рот? І расейскага журналіста Пашу Селіна хадзілі праважаць на вакзал са сьлязьмі на вачах. І распаўсюджвалі відэасюжэты, стужкі пра «хроснага бацьку», пра што нагадаў Юра. І ніхто ў апазыцыі тады не гаварыў, што гэта расейская прапаганда.

Наадварот, уся апазыцыя тады хорам крычала, што расейскія тэлеканалы — гэта глыток сьвежага паветра і праўды. І калі журналісты з недзяржаўных СМІ прыходзілі на прэс-мерапрыемствы да нас у Белтэлерадыёкампанію, то заўсёды задавалася пытыньне — чаму вы не працуеце, як НТВ, яны такія сьмелыя, раскаваныя, дэмакратычныя.

А я ім адказваў: а нашто мне НТВ? Мы робім сваё, нацыянальнае прапагандысцкае беларускае тэлебачаньне. Дарэчы, наш сэрыял «Зямля беларуская» — адзіны ў свааім родзе і аналягаў няма ні ў Беларусі, ні ва ўсім былым СССР. А прыдумалі яго мы з Аляксандрам Мартыненкам, прыдумалі і зьнялі. Яшчэ тэзіс у Дзьмітрыя: беларускія тэлевізіёншчыкі хацелі быць, як у Маскве. Так, хацелі. Асабліва па заробках. І зараз хочуць.

А калі казаць сурʼёзна, то хачу нагадаць і вам, і вашай аўдыторыі, што Лукашэнка неаднойчы публічна казаў, што расейскае тэлебачаньне — лепшае ў сьвеце. І існавала ўстаноўка рабіць тэлебачаньне так, як яго робяць расейцы.

Тая ж сытуацыя была і ў беларускіх друкаваных СМІ, бо начальства заўсёды хацела, каб быў кшталту беларускі «Коммерсантъ» ці на крайні выпадак «Известия». Каб яшчэ і «Вайна і мір» ад пісьменьнікаў, як бонус.

Але зараз гэтую ўстаноўку немагчыма рэалізаваць.

Соўсь: Хацела б удакладніць, што Дзьмітры Гурневіч якраз ніякага Селіна ніколі ня бегаў праважаць і ніколі не арыентаваўся на расейскіе СМІ.

Зімоўскі: Я ня меў на ўвазе яго пэрсанальна. Якое пытаньне — такі і адказ.

Соўсь: Многія ў Беларусі ставяцца вельмі крытычна да вашай дзейнасьці на чале Белтэлерадыёкампаніі, і як непасрэдна да аўтара праграмы «Рэзананс». А як вы самі ацэньваеце сваю дзейнасьць у Беларусі? Ці глядзіце яе крытычна цяпер?

Зімоўскі: Праграму «Рэзананс» я сам закрыў 16 гадоў таму. Калі яе нішто не пераўзышло дагэтуль у Беларусі, напэўна яна таго была вартая. Інакш бы вашае пытаньне проста ня ўзьнікла.

Што тычыцца таго часу, калі я кіраваў Белтэлерадыёкампаніяй, пра які вы так камплімэнтарна прыгадалі, то ён лічыцца «залатым часам» беларускага тэлебачаньня.

Прыгадаю наўскідку: самае высокае месца на Эўрабачаньні, перамога на дзіцячым Эўрабачаньні, дзіцячае Эўрабачаньне ў 2010 годзе ў Менску. Дарэчы, яго Эўрапейскі вяшчальны саюз прызнаў найлепшым за ўсю гісторыю. Усё гэта зрабілі беларускія телевізіёншчыкі, зь якімі мне выпала шчасьце працаваць.

Я ўжо не кажу пра такія «дробязі», як вытворчасьць уласных камэрцыйна пасьпяховых сэрыялаў, заваяваньне поўнага дамінаваньня ў інфармацыйнай прасторы, якім мы, як правільна кажа Юры, і карыстаемся. І таксама 20 мільёнаў даляраў даходаў ад рэклямы штогод.

Зараз вы і вашы калегі ледзь не штодзень кажаце, што Лукашэнка — гарант незалежнасьці і адзіная надзея і апірышча беларускай нацыі. Вы паўтараеце ўсё тое, што я мякка і тактычна ўнушаў вам на працягу 15 гадоў. Я не магу сябе за гэта крытыкаваць. Але хай крытыкуюць — я гэта вітаю.

Соўсь: Аляксандар, калі вы кажаце пра «залаты век» і пра ўсе гэтыя дасягненьні, то адкуль жа тады гэтая фраза — «здольнасьць беларускіх СМІ фармаваць грамадзкую думку, адрозную ад расейскай, у Беларусі ў раёне нуля»? Дык атрымліваецца, што быў «залаты век», а пасьля вас усё папсавалася?

Зімоўскі: Выдатнае пытаньне, і я яго нават чакаў. Заўсёды ёсьць рост і падзеньне, гэтаму вучыць і эканамічная тэорыя, і тэорыя мэдыя. Ёсьць этап, калі мэдыйная структура, якая расьце, дасягае пэўных посьпехаў. У іншай сытуацыі яна ня можа ўтрымліваць гэта бясконца. Прыходзяць новыя СМІ, новыя гульцы інфармацыйнага рынку, мяняецца кадравы склад гэтых СМІ.

Таму адбываецца зьніжэньне. Ці далейшы рост, у залежнасьці ад таго, як складваецца гульня на мэдыйным рынку.

Гэта проста канстатацыя факту, гэта не таму, што быў Зімоўскі і панаваў Эдэм, а няма Зімоўскага і ўсе апынуліся ў пекле.

Так склалася цяперашняя інфармацыйная сытуацыя.

Новыя СМІ перагульваюць старыя СМІ, расейская прапаганда — ёсьць яна ці не, вядзе яна прамую вайну супраць Беларусі ці наадварот дзейнічае мэтадамі падкопу і таемнага праточваньня — эфэкт навідавоку. Юры прыводзіў пэўныя лічбы, я таксама магу іх прыводзіць — іншыя. 65% беларусаў лічаць, што Расея мае рацыю ва ўкраінскім канфлікце. Калі я не памыляюся, гэта дадзеныя вясны сёлетняга году.

Людзі могуць заўсёды мяне крытыкаваць, я гэта вітаю. Я рабіў працу, я рабіў памылкі...

Related Post

Соўсь: А якія памылкі вы рабілі?

Зімоўскі: Памылкі... Мала сэрыялаў я зрабіў. Я шкадую. Мы позна пачалі гэта рабіць, калі крыху тлушчу назапасілі. Мы маглі заняць гэтую нішу разам з «Беларусьфільмам». Зараз, на жаль, гэтага няма.

Соўсь: А ў той сфэры, якую мы можам назваць прапагандысцкай, ці былі ў вас памылкі?

Зімоўскі: Не, калі б у мяне былі памылкі ў прапагандзе ў 2010 годзе, напэўна, ужо іншыя людзі сядзелі бы ў фатэлях. І не ў Белтэлерадыёкампаніі.

Дракахруст: Аляксандар, калі вы дазволілі вас крытыкаваць, дык я скарыстаюся. Зьвярнуў увагу на адну тэзу з вашага інтэрвію «Белорусскому журналу», дзе вы з вышыні вашай велічы сказалі: «У беларускім сэгмэнце Facebook вакол усіх апазыцыйных СМІ, якія засталіся, групуецца каля 200 тысяч карыстальнікаў. Гэта па самых аптымістычных падліках.

Facebook — ня самая папулярная сацыяльная сетка ў Беларусі. Гэта з аднаго боку. Зь іншага боку, у аднаго TUT. BY штодзённых унікальных наведнікаў — 668 тысячаў, гэта ў тры разы больш, чым вы адвялі ўсім недзяржаўным мэдыя.

Вы прагадалі лічбу — 65% беларусаў за Крымнаш. Але тут ёсьць пытаньне: у якой ступені гэта вынік прапаганды, а ў якой — вынік уласных установак людзей, беларусаў?

У дасьледаваньні Беларускай аналітычнай майстроўні напачатку году задавалася пытаньне пра давер розным СМІ — беларускім дзяржаўным, беларускім недзяржаўным і расейскім. І аказалася, што структура даверу і недаверу падобная. Зразумела, аўдыторыя і беларускіх дзяржаўных, і расейскіх значна большая. А паводле даверу — не.

Магчыма, гэтыя паказьнікі даверу паказваюць, што не такія ўжо непапулярныя недзяржаўныя СМІ. Вы, напэўна, ведаеце, знакамітую тэорыю two steps flow communication — двухкрокавай камунікацыі. Адзін чалавек слухае Свабоду ці чытае «Нашу ніву», і ўсё яго кола атрымлівае ад яго гэтую інфармацыю. Так што лічбы аўдыторыі недзяржаўных СМІ, пра якія вы так паблажліва сказалі — можа, яны не зусім адэкватныя?

Зімоўскі: Глядзіце — вось мы зараз з вамі на вашай старонцы ў Facebook. У вас 150 тысячаў карыстальнікаў. Яе можна мультыплікаваць, гэта безумоўна. У «Нашай нівы» менш карыстальнікаў. Ці зьяўляецца іх аўдыторыя часткай вашай аўдыторыі?

Дракахруст: Ня думаю. Яны перакрыжоўваюцца, але не супадаюць.

Зімоўскі: А я мяркую, што іх аўдыторыя чытае і вас. Я прывяду вам яшчэ адзін прыклад. Вы ведаеце такую Мэдыямэтрыку?

Дракахруст: Так. Яе ў Расеі робяць.

Зімоўскі: Яны і па Беларусі робяць вымярэньні. Паводле іх, самыя папулярныя сюжэты ў Беларусі — даляр, Хадаркоўскі, Навальны і Сiрыя.

Соўсь: Вы, напэўна, адкрылі расейскую Свабоду?

Зімоўскі: Адчыняю сьпіс кампаніяў, якія часьцей прыгадваюцца ў Беларусі — Сбербанк, Газпром, Лукойл, Яндэкс, Гугл і Фэйсбук. Гэта можна аспрэчваць, бо інструмэнтарый можа быць розны.

Я вашую аўдыторыю мультыплікую. Калі ў вас 200 тысячаў чалавек, столькі намаляваў ФБ — гэта вашая аўдыторыя. Але калі вы паглядзіце рэйтынгі, то ўбачыце, што Свабода знаходзіцца недзе ў трэцяй сотні паводле папулярнасьці.

Дракахруст: Мы зараз не пра Свабоду, а пра ўсе недзяржаўныя СМІ.

Зімоўскі: Ну, вы ж не займаецеся прапагандай, я так разумею.

Дракахруст: Дзе ўжо нам.

Соўсь: Ваш былы калега, галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч у гэтыя выходныя выступіў з праграмнай заявай у «Клюбе рэдактараў», заклікаўшы абмяркоўваць жыцьцё Беларусі, а не расейскія гісторыі: «Час нам, грамадзянам Беларусі, менш жыць жыцьцём іншай дзяржавы. Што нам гэтая гнюсная гісторыя вакол фільма „Мацільда“? Усе гэтыя звар’яцелыя барацьбіты, ваяўнічыя крыжакі... Нам гэта навошта? У нас гэтага няма і быць не павінна. Што нам гісторыя з гэтай Сабчак? ... Усе мы, грамадзяне Беларусі, павінны ўсё больш і больш разумець, што ўжо 25 гадоў мы — незалежная эўрапейская дзяржава. А мы ўсё жывём дробнымі жарсьцямі нейкіх маскоўскіх актораў, нейкімі скандальчыкамі, нейкімі Сабчак. ... Я гатовы гаварыць пра калегаў Лябедзьку, Статкевіча і іншых з нашмат большай цікавасьцю, чым пра гісторыі Сабчак, нараджэньне ці гібель нейкай зоркі ў Расеі. Мы павінны ўрэшце разумець, што мы краіна». Яе вы мяркуеце, гэта асабістая пазыцыя Паўла Ізотавіча, ці ён агучвае тыя засьцярогі, страхі, урэшце ўсьвядомленыя на самым версе?

Зімоўскі: Я нічога не магу сказаць пра асабістую пазыцыю паважанага Паўла Ізотавіча, лепей у яго запытацца наўпрост па гарачых сьлядах. Як вы ведаеце, у любым СМІ парадак дня вызначае галоўны рэдактар. Калі галоўны рэдактар загадае паставіць блёк на згадку Амэрыкі ці Расеі ў СМІ, якім ён кіруе, гэта ягонае поўнае права, замацаванае законам. А калі гаварыць у прафэсійных тэрмінах ці розных тэорыяў, пра якія згадваў Юры, то цяпер у аснове барацьбы за аўдыторыю ляжыць так званы інфатэйнмэнт — інфармацыя і забавы. Колькі Статкевіча ці Навальнага не абмяркоўвай, у Семяновіч і Кім Кардашʼян цыцкi усё роўна болей. Так гэта бачыць масавы чытач і глядач.

Соўсь: Вы напачатку казалі пра тое, што пасьля сьмерці салдата ў Печах грамадзкую думку сфармавалі незалежныя СМІ, у тым ліку і Свабода. А самі якія беларускія СМІ чытаеце?

Зімоўскі: Я не чытаю беларускія СМІ цалкам, я чытаю толькі загалоўкі. Гэта цалкам дастаткова, каб зарыентавацца па тэматыцы. Калі нешта вельмі важнае, канечне, заходжу паглядзець. Я чытаю Дракахруста, калі ён робіць спасылкі ў Фэйсбуку. Ня тыя праграмы, якія ён вядзе, а калі ён выказвае сваё асабістае меркаваньне. Я яго даволі даўно ведаю, і тыя праекты, якія ён вядзе, ён сёньня пра гэта гаварыў дастаткова шмат, мне гэта цікава. Не таму, што зязюля хваліць, а таму што я вам расказваю, як я гэта раблю, як я выбіраю публікацыі ў беларускіх СМІ.

Соўсь: А на якіх мовах вы чытаеце?

Зімоўскі: На расейскай і на беларускай. Што тычыцца публікацый расейскіх СМІ пра Беларусь, я іх не чытаю ўвогуле, таму што ў Расеі няма кваліфікаванай экспэртызы па Беларусі. А без кваліфікаванай экспэртызы ня можа быць эфэктыўнай прапаганды. Няма з кім працаваць. Антыбеларускай эфэктыўнай прапаганды ня можа быць без экспэртызы.

Соўсь: Якая прапаганда больш эфэктыўная, калі працуе на сваю краіну — расейская ці беларуская?

Зімоўскі: Няпростае пытаньне. Калі я толькі пачынаў працаваць у Расеі ў 2011 годзе, прыглядаўся, прыкідваў, там зусім прапаганды не было, і яны гэтым страшна ганарыліся. Казалі — мы робім навіны. А я такі дыназаўр, разумееце, выкапень з прапагандамі сваімі. Потым былі выбары ў Думу, падзеі прывялі людзей на Балотную плошчу. І ўсе гэтыя рафінаваныя хлопчыкі і дзяўчаткі ў расейскіх СМІ разгубіліся, задача разгарнуць прапаганду ёсьць, а навыкаў няма, мэтодыкаў няма, тэхналёгіяў няма. Таму давялося ім усё гэта ствараць нанова.

Дракахруст: І тут вы ўвесь у белым...

Зімоўскі: У тым ліку ўзяўшы на ўзбраеньне нашы беларускія мэтады. Былі і іншыя мэтады, былі мэтады, нават, якім вучылі ў «палітпросе».

Соўсь: А каго вы зараз кансультуеце?

Зімоўскі: Я прыватны кансультант. Я не магу называць сваіх кліентаў. Я кансультую і пэрсанальна, і фізычных, і юрыдычных асобаў, але называць іх я не магу бязь іх згоды.

Я закончу наконт прапаганды. Калі ўзьнікла калізія з Крымам, далучэньня ці анэксіі, гэта залежыць ад таго, як ваша аўдыторыя зрэагуе, прапаганда ў іх ужо была і працавала як гадзіньнік. Яны цяпер яе самі так называюць, я ад Маргарыты Сіманян, здаецца, чуў, «добрая машына прапаганды», ніколькі не саромеючыся.

Таму эфэктыўнасьць расейскай прапаганды — надзвычайна высокая, і гэта прызнана ва ўсім сьвеце, калі яна працуе ў канкрэтным кірунку. Таму расейская прапаганда вырашае, хто ў Амэрыцы будзе прэзыдэнтам. Гэта цытата з дэбатаў у Кангрэсе, яны ўвесь час самі пра гэта гавораць, што Трампа прывяла да ўлады расейская прапаганда.

Соўсь: А што можа беларуская прапаганда? Як бы вы ацанілі яе магчымасьці?

Зімоўскі: Беларуская прапаганда захоўвала i можа захоўваць ва ўладзе Лукашэнку так доўга, як ніякаму Трампу ня сьнілася.

Соўсь: Вы цяпер знаходзіцеся ў Беларусі, але жывеце стала ў Санкт-Пецярбургу. Ці разглядаеце магчымасьць вяртаньня, у тым ліку прафэсійнага? Ягор Хрусталёў вярнуўся на беларускае тэлебачаньне з Расеі, дарэчы пераважна расейскіх зорак запрашае на інтэрвію. Ці ёсьць вам куды вяртацца? Што павінна адбыцца?

Зімоўскі: Наконт Хрусталёва спачатку скажу. Гэта такая апалёгiя Хрусталёва зараз будзе. Ён шмат гадоў быў вымушаны працаваць у Расеі і наладзіў там добрыя кантакты з шоў-бізнэсам і зоркамі, як вы кажаце. Таму, натуральна, ён карыстацца сваімі кантактамі, каб ці зьезьдзіць туды іх запісаць, ці прывезьці сюды. Гэта нармальна. Каб у яго былі былі больш выразныя партнэры па размове зь беларускага шоў-бізнэсу, напэўна сытуацыя была б іншая. Што тычыцца мяне, то я сюды i так рэгулярна прыяжджаю. А заняць пасаду і займацца працай — гэта розныя заняткі. Заняць пасаду — прыйшоў, лёг на пасаду, ляжы, куры бамбук... Калі цябе запрашаюць заняцца справай і нешта зрабіць, гэта зусім іншая сытуацыя. Паколькі я ні туды, ні назад не атрымліваў запрашэньняў, на гэты конт не тэарэтызую.

Дискуссия на «Радыё Свабода», полная версия

 

Связанные записи