Зімоўскі: Вышэй за Пяткевіч быў толькі прэзыдэнт

Родина слышит
Родина слышит

Колішні кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі пасьля паўтара дзясятка гадоў ідэалягічнай службы быў звольнены з пасады на пачатку 2011-га. Неўзабаве зьехаў у Санкт-Пецярбург, дзе і цяпер працуе мэдыякансультантам. Да канца 2000-х шчыльна кантактаваў са спадарыняй Пяткевіч, якая курыравала ідэалёгію і СМІ. Спадар Зімоўскі адмаўляе, што паміж імі, як сьцьвярджаюць журналісты, былі ідэйныя супярэчнасьці:

«Не, гэта, ведаеце, міт пра наш нібыта канфлікт, такая беларуская апаратная легенда. На самой справе ў нас былі цалкам нармальныя адносіны, яна нават запрашала нас з жонкай да сябе на вясельле, былі падарункі, кветкі, усе належныя атрыбуты. Зь яе мужам Аляксандрам Мартыненкам мы і цяпер сябруем, так што ня бачу тут ніякіх канфліктных палёў. І яшчэ: яна не была маёй начальніцай, яна была першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі. А паводле тагачаснага статуту старшыня Белтэлерадыёкампаніі наўпрост падпарадкоўваўся прэзыдэнту. Так, яна курыравала гэтыя пытаньні — мэдыі, ідэалёгію. Да яе рэгулярна зьбіраліся на нарады, яна там ставіла нейкія задачы, рэтрансьлявала пажаданьні кіраўніка дзяржавы. Вось гэтыя функцыі яна выконвала, але не была начальніцай, ня мела права аддаць мне ніякі загад. Ня ведаю, як выбудоўваліся адносіны з астатнімі, а ў нас было так. Калі нешта абмяркоўвалі, сустракаліся і тэт-а-тэт, і ў вузейшым коле, то размова ішла не на канфліктных тонах. Насіла дыскусійны характар, бо яна цьвёрда настойвала на сваім пункце гледжаньня. І гэта яе моцны бок, бо яна вельмі хутка ўсё разумее, ёй ня трэба доўга тлумачыць на пальцах, думку схоплівае адразу. Зноў жа, жонка майго сябра, чаму не працаваць?»

Між тым Аляксандар Зімоўскі ня верыць, што Натальля Пяткевіч добраахвотна сыходзіць зь цяперашняй пасады, і не выключае трэцяй сілы, якая прысьпешыла канец кар’еры прэзыдэнцкай чыноўніцы:

​​«Што тычыцца таго — я стамілася, я сыходжу — то ў гэта я ніколі не паверу. Ня той характар. Я вам скажу так: у нефармальных адносінах вышэйшай пасады, чым яна зараз займала, няма. Вышэй толькі прэзыдэнт. Падкрэсьліваю — нефармальных. Таму што яна кантралюе доступ да прэзыдэнта. З гэтай прычыны ў яе мог пачацца канфлікт, прыкладам, з тымі, хто гуляе з прэзыдэнтам у хакей. Яны таксама маюць доступ да прэзыдэнта. Калі найшла, як кажуць, каса на камень і яны не змаглі ўрэгуляваць, хто больш адказвае за гэты доступ і ў якіх аб’ёмах, то гэта магло паўплываць на яе апаратны лёс».

Карэспандэнт: «У чым жа такая сіла памочніка, які займае ледзь не другую прыступку ў дзяржаўнай герархіі? Якія функцыі былі ў Пяткевіч?».

«Як вам патлумачыць? Памочнік першы ці галоўны — так яны, вядома ж, не называюцца — але той, які сядзіць насупраць кабінэта прэзыдэнта, той і ёсьць галоўны. Таму што ён у любым выпадку першы дабяжыць да прэзыдэнта. Ну дык вось, гэты памочнік адказвае, калі казаць вобразна, за чысьціню працоўнага стала кіраўніка дзяржавы. Трохі ўяўляючы манеру Натальлі Ўладзімераўны працаваць, не зьдзіўлюся, калі стол у кабінэце Лукашэнкі аказаўся завалены паперай. Такі чалавек, што зробіш? Нейкія манэўры, нешта разруліць, патэлефанаваць камусьці зь нейкімі даручэньнямі ад прэзыдэнта — гэта так. А працаваць як бюракрат — бюракрат у добрым сэнсе, упраўленчы работнік, мэнэджэр карпаратыўны — вось гэтага няма».

Карэспандэнт: «У апошнія гады, як Пяткевіч стала памочніцай, яна практычна не была відаць у мэдыйным полі. Куды падзеліся амбіцыі „жалезнай лэдзі“»?

"Ведаеце, гэта спэцыфіка яе апошняй пасады. Яна павінна была паднесьці папку з дакумэнтамі. Адчыніць дзьверы кіраўніку дзяржавы — не ў аўтамабілі, а пры ўваходзе ў залю. Скаардынаваць працу розных паператворцаў, патэлефанаваць туды-сюды, прывезьці тэчку з дакумэнтамі з рэзыдэнцыі ў Дразды, калі прэзыдэнт працуе з дакумэнтамі дома. Я ня ведаю, як яна ператварылася з „жалезнай лэдзі“ ў бюракрата. Гэты працэс неяк міма мяне прайшоў. Былі чуткі, што яна будзе ледзь не наступным прэзыдэнтам. Можа, якраз гэтыя чуткі крыху ёй жыцьцё і папсавалі. Гэтага, як вы ведаеце, у нас ня любяць».

Былі чуткі, што яна будзе ледзь не наступным прэзыдэнтам. Можа, якраз гэтыя чуткі крыху ёй жыцьцё і папсавалі.