Звонил Юрий Дракохруст из Праги. Поговорили. Читайте, срите..

Зімоўскі: Ідзе барацьба не за паўнамоцтвы, а за сьпіхваньне адказнасьці

аўтар Юры Дракахруст

Цяперашні канфлікт паміж урадам і прэзыдэнцкай адміністрацыяй, які скончыўся крытыкай ураду Аляксандрам Лукашэнкам, мы папрасілі пракамэнтаваць былога старшыню Белтэлерадыёкампаніі, цяпер мэдыаякансультанта ў Санкт-Пецярбургу Аляксандра Зімоўскага.

Дракахруст: Аляксандар, як вы ацэньваеце той канфлікт, які адбыўся на пасяджэньні Саўміну паміж прэм'ерам Мясьніковічам і дарадцам прэзыдэнта Ткачовым, а таксама тую водпаведзь, якую даў прэзыдэнт ураду ў сувязі з гэтым канфліктам? Ці азначаюць словы Лукашэнкі, што папярэдні ўрад быў лепшы, што кабінэт Мясьніковіча чакае хуткая адстаўка? Ці гэта наагул спэктакль, гульня ў добрага і злога сьледчага?
Зімоўскі: Не, здаецца, гэта не спэктакль. Міхаіл Уладзімеравіч Мясьніковіч у свой час быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта была адна з наймацнейшых фігураў на гэтай пасадзе. Ён ведае, як працуе мэханізм прыняцьця рашэньняў у адміністрацыі прэзыдэнта. На той нарадзе, пра якую вы казалі, ён некага «зрэзаў», даў зразумець, што ня горш за іншых ведае, які кіраваць дзяржавай, у дадзеным выпадку ўрадам. Хутчэй за ўсё яго словы былі інтэрпрэтаваныя і даложаныя кіраўніку дзяржавы ў прэпараваным выглядзе. Напампавалі там настрой, таму была хуткая рэакцыя кіраўніка дзяржавы.
Дракахруст: Ну а ці можа гэта скончыцца адстаўкай ураду ці прэм'ера? Калі гаворыцца, што папярэдні ўрад быў лепшы, што чальцоў ураду ледзь не ў калгас трэба адправіць.
Ніякай адстаўкі ўраду ня будзе, бо там кароткая лава.

Зімоўскі: Не, гэта толькі ў Туркмэністане міністраў энэргетыкі адпраўляюць электрыкамі працаваць у вёску. У нас да гэтага справа не дайшла. Ніякай адстаўкі ўраду ня будзе, бо там кароткая лава. Цяперашні ўрад не вінаваты ў тым, што зараз адбываецца. Ён, як сьляпы музыка, грае, як умее, нічога кепскага ён яшчэ не зрабіў, вырульвае сытуацыю. І кіраўнік ураду, і чальцы ўраду ў пытаньні ўратаваньня сытуацыі адзіныя, там няма розных меркаваньняў. Іншая справа, што ўрад несвабодны ў сваіх рашэньнях, і калі яму загадаюць кіравацца пастановамі Ўсебеларускага сходу, то нікуды ён не падзенецца.

Дракахруст: На ваш погляд, у чым прычына канфлікту: гэта сутыкненьне розных эканамічных ідэалёгій, розных падыходаў, ці сутыкненьне статусаў – Мясьніковіч даў зразумець, што не дазволіць адміністрацыі прэзыдэнта сабой камандаваць?

Ідзе барацьба за тое, каб перакласьці адказнасьць на ўрад ці на эканамічны блёк адміністрацыі прэзыдэнта.

Зімоўскі: Я мяркую, што эканамічныя погляды Міхаіла Ўладзімеравіча Мясьніковіча і Сяргея Паўлавіча Ткачова ня надта разыходзяцца. Проста ідзе барацьба не за набыцьцё паўнамоцтваў, а за сьпіхваньне адказнасьці. Ніхто ня хоча набраць больш паўнамоцтваў, а потым за іх адказваць. Наадварот, ідзе барацьба за тое, каб перакласьці адказнасьць на ўрад ці на эканамічны блёк адміністрацыі прэзыдэнта. Ён з сыходам Кабякова вельмі аслабеў, там застаўся адзін Ткачоў, як асоба, якая рэальна бачыць сытуацыю, хаця і своеасабліва. І падтрымаць яго няма каму. Калі б яны з Кабяковым разам былі на Саўміне, магчыма, гэтая сытуацыя б і ня ўзьнікла.

Дракахруст: Многія экспэрты лібэральнага кшталту кажуць, што эканамічныя падыходы ўладаў – гэта суцэльнае глупства, што трэба праводзіць рынкавыя рэформы, калі няма іх пляну, дык можна ў МВФ узяць. Але магчыма той жа Ткачоў і сам Лукашэнка, адхіляючы гэтыя падыходы, перасьцерагаюцца сацыяльных і палітычных выдаткаў гэтага лібэральнага парадызу?

Размова ідзе не пра ўратаваньне любой цаной эканомікі, а пра ўратаваньне палітычнага рэнамэ.

Зімоўскі: Вы маеце рацыю. Размова ідзе не пра ўратаваньне любой цаной эканомікі, а пра ўратаваньне палітычнага рэнамэ. Кепска выглядаць перад выбаршчыкамі, якія падтрымалі цябе год таму, нікому ня хочацца. Пра выкананьне перадвыбарчых абяцаньняў мова не ідзе, тут хаця б захаваць тое, што ёсьць. Улічваючы гумовае цярпеньне беларускага народу і яго здольнасьць да эканамічнай адаптацыі, зараз нічога такога страшнага ў эканоміцы не адбываецца.

Страты закранулі толькі сярэднюю клясу. Што тычыцца пралетарыяту і калгаснага сялянства, па іх крызіс ударыў нямоцна з прычыны сувязяў гораду і вёскі, натуральнага абмену прадуктамі і г.д. Тут дылема: ці ўратаваць сярэднюю клясу ці прынесьці яе ў ахвяру сацыяльнаму спакою. Барацьба ідзе вакол гэтага.

Дракахруст: Ці не зьяўляецца гэты канфлікт, гэты скандал паказьнікам нейкага крызісу вярхоў?

Зімоўскі: Пра крызіс вярхоў пакуль гаварыць ня будзем. Можа быць больш дарэчы казаць пра часовы паралюш уладнай волі. Гэта бывае. Здарылася сытуацыя, усе ў ступары сядзяць, ня ведаюць, што рабіць. Але гэта кароткачасова. Зараз разьбяруцца, год у палітыцы – не такі ўжо вялікі час. Але наколькі я разумею, усе дзеяньні будуць мець жорстка адміністрацыйны характар: мабілізацыя губэрнатараў, начныя дзяжурствы ў выканкамах, раньнія пад'ёмы, скасаваньне выходных у чыноўнікаў і г.д.

Дракахруст: Ёсьць ступар, а ёсьць канфлікты ўнутры ўлады. Мы памятаем, а вы, я мяркую, асабліва, як хваравіта прэзыдэнт рэагаваў на ваш публічны канфлікт з намесьніцай кіраўніка яго адміністрацыі Натальляй Пяткевіч. Ён закрануў гэтую тэму нават у сёлетнім штогадовым пасланьні. Падобныя канфлікты вельмі дэзарыентуюць апарат, «вэртыкаль». А зараз другая асоба ў дзяржаве фактычна спрачаецца зь першай. Незалежна ад таго, хто мае рацыю і якія ў каго матывы, але сам факт канфлікту, мяркую, бянтэжыць «вэртыкальшчыка» дзе-небудзь у Крычаве ці Маларыце.

Зімоўскі: Я мог бы з вамі часткова пагадзіцца. Але дзяржапарат арыентуецца не на Мясьніковіча, а на Лукашэнку. Ён ніякіх уцямных сыгналаў ад Мясьніковіча не атрымліваў. Можа і атрымліваў, але 10 гадоў таму.

Дракахруст: І вы ня лічыце, што гэта нейкі сыгнал для людзей, якія прызвычаіліся, што наверсе – маналіт?

Ніколі ў Беларусі, прынамсі за апошнія 5 гадоў, не было такога, каб думалі, у якія дзьверы грукаць – да Сідорскага ці да прэзыдэнта.
Зімоўскі: Яны ніколі не лічылі, што наверсе маналіт. Раённы і абласны ланцуг жыве па сваіх законах, яны не перасякаюцца з тым, што робіцца ў Доме ўраду ці ў доме на Кастрычніцкай плошчы. Там ёсьць устаноўка, якую кожны старшыня выканкаму павінен выконваць, ёсьць парамэтры заданьня, і да яго воля ўраду даходзіць вельмі апасродкавана. У яго ёсьць свая гаспадарка, дзе людзі тэарэтычна павінны быць абутыя, адзетыя, накормленыя і зь яе не павінна паступаць скаргаў. Ім, зразумела, цікава, якія там «дзьвіжухі» наверсе адбываюцца, але ня больш за тое. Касьцяк «вэртыкалі» захаваў кіраванасьць і кантроль на месцах. Ніколі ў Беларусі, прынамсі за апошнія 5 гадоў, не было такога, каб думалі, у якія дзьверы грукаць – да Сідорскага ці да прэзыдэнта.У сувязі з тым, што Мясьніковіч паказаў сябе больш менш лібэральным чалавекам з гледзішча рынкавай эканомікі, наўрад ці да яго выстраіцца чарга ахвочых перавесьці краіну на рынкавыя рэйкі ці нават – што вакол яго аб'яднаюцца чыноўнікі, якія прагрэсіўна мысьляць. Хутчэй за ўсё, гэтага няма.

Ён спрабаваў вырашыць пастаўленую задачу так, як ён яе бачыў. Можа крыху акадэмічна. Ён чалавек разумны, ведае, як кіраваць эканомікай, і адміністраваць умее. У выніку пасьля гэтай нарады ў Саўміне ён апынуўся ў крытычнай сытуацыі – хто хутчэй дабег да кабінэта прэзыдэнта, той і мае рацыю. Паехаў бы ён да прэзыдэнта пасьля гэтай нарады, магчыма рэакцыя была б іншая.

Дракахруст: Аляксандар, я ўсё ж вяртаюся да досьведу вашага канфлікту зь Пяткевіч. Тады прэзыдэнт зьвяртаў увагу не на тое, што нехта з вас мае рацыю, а нехта – не, а што сам па сабе гэты канфлікт дысфункцыянальны, што гэта кепска для дзяржавы. Тут канфлікт круцейшы.

Зімоўскі: Я ня думаю, што ён надаваў такую вялікую ўвагу, як вам здаецца, майму гіпатэтычнаму канфлікту зь Пяткевіч. Нашы функцыі не перасякаліся. Я прапаноўваў толькі не ўваходзіць у зону маіх паўнамоцтваў, бо я гэтага не любіў і не люблю.

Што тычыцца гэтага канфлікту, то было сказана, што ўрад – гэта эканамічны штаб прэзыдэнта. У апошнія месяцы працы ўраду Сідорскага эканамічныя паўнамоцтвы ўраду плаўна перацяклі ў адміністрацыю цалкам. Адміністрацыі страчваць гэтыя функцыі ня хочацца. Навошта? А Мясьніковічу, атрымліваецца, за іх адказваць. Ён, як вопытны апаратчык, таксама гэтага ня хоча. У той жа час нізы занятыя пошукам харчаваньня, ім зараз не да палітыкі.